К. Маркса, 37

У 1936 годзе прыхаджане мясцовай евангелісцка-аусьургскай абшчыны на чале са святаром А. Фігашэўскім са згоды гарадскога магістрата выкупілі ў мешчаніна Мікалая Козела ўчастак зямлі ў 719 м. кв. на рагу вуліц Касцюшкі (Гогаля) і Зыгмунтоўскай (К.Маркса) пад будаўніцтва кірхі.
На імя паліцыі прыхаджане накіравалі прашэнне ў якім згадвалі, што “уладальнікі суседніх участкаў, якія ў цяперашні час слаба забудаваны, і то толькі аднапавярховымі хаткамі, не маглі б б будаваць на мяжы з царкоўным участкам высокіх каменных дамоў”, бо ў адваротным выпадку, будаўніцтва шматпавярховых будынказ па суседству “можа зачыніць выгляд на царкву і абмяжуе доступ сонечнага святла”.
Па успамінах дачкі Фігашэўскага, Алі, актыўны ўдзел у будаўніцтве прымалі вайскоўцы гарадскога гарнізона, а таксама прыхаджане з Брэста і цэлай Польшчы. На 1 кастрычніка 1936 г. у Брэсце налічвалася 198 вернікаў евангелісцкага веравызнання. Архітэктарам лютэранскай царквы стаў Ю. Бараньскі. Будова завершылася ў 1938 г.
У часы нямецкай акупацыі будынак кірхі выкарыстоўваўся па сваім прамым прызначэнні, у тым ліку і прадстаўнікамі вермахту.
Пасля вызвалення Брэста службы ў будынку былі спыненыя, а ў 1945 г. кірху прыстасавалі пад дзіцячы кінатэатр “Змена”, з залай на 130 месцаў.
Рашэннем Брэсцкага гарвыканкама былы будынак кінатэатра ў 1998 г. перададзены на баланс аддзела адукацыі гарвыканкама, арэндатарам будынка з таго часу з’яўляецца СП “БелІнтэрМаркет”. Цяпер будынак знаходзіцца на балансе КУП “ЖРЭУ г. Брэста”, у ім размешчаны офіс паліграфічнага прадпрыемтсва.

Help us improve the translation for your language

You can change any text by clicking on (press Enter after changing)